Праваабаронцы вывучылі звесткі адкрытых крыніцаў і агучылі лічбу ахвяраў штучна створанага беларускім рэжымам міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з ЕЗ. На сённяшні момант дакладна вядома пра 116 загінулых мігрантаў. Пры гэтым выявіць асобы загінулых удалося толькі ў чвэрці выпадкаў. Яшчэ болей выпадкаў магчымай гібелі людзей, якія спрабавалі трапіць у Аб'яднаную Еўропу праз тэрыторыю Беларусі, дагэтуль застаюцца непацверджанымі.
Гуманітарны крызіс, развязаны Лукашэнкам на памежжы з ЕЗ, распачаўся ў 2021 годзе. А ўжо напрыканцы сакавіка 2024 года на памежжы Беларусі, Латвіі, Літвы і Польшчы толькі афіцыйна было зарэгістравана 116 смерцяў, яшчэ мінімум пра 26 выпадкаў гібелі ў сваіх сведчаннях праваабаронцам паведамляюць самі мігранты.
Пра гэта, а таксама пра прычыны і абставіны гібелі людзей на памежжы ў сваім дакладзе распавялі прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў чатырох краінаў: «Human Constanta» з Беларусі, «Gribu palīdzēt bēgļiem» (лат. «Хачу дапамагчы ўцекачам») з Латвіі, «Sienos Grupė» з Літвы і фонду «Ocalenie» з Польшчы.
Міжнароднае заканадаўства ў гэтай сітуацыі парушае не толькі Беларусь
Паводле звестак праваабаронцаў, ад пачатку міграцыйнага крызісу да сакавіка 2024 года было зарэгістравана пяць смерцяў мігрантаў у Літве, сем – у Латвіі, 39 – у Польшчы, 63 – у Беларусі (афіцыйна Дзяржаўны памежны камітэт пацвердзіў толькі 47 з іх), адна – у Нямеччыне і яшчэ адна смерць, тэрыторыя якой дакладна не вызначаная.
Як паведамляюць эксперты, інфармацыя пра гэтыя смерці была атрыманая ад дзяржаўных установаў праз афіцыйныя запыты ў памежную службу, паліцыю, пракуратуру і ўстановы аховы здароўя. У некаторых выпадках яна дапаўнялася інфармацыяй, сабранай актывістамі. На цяперашні момант дакладна ўдалося высветліць, што 96 загінулых былі мужчынамі, 15 – жанчынамі; асобы яшчэ пяці загінулых мігрантаў высветліць так і не ўдалося.
Праваабаронцы таксама валодаюць непацверджанымі звесткамі, з якіх вынікае, што колькасць смерцяў можа быць значна вышэйшаю.

«Па абодва бакі мяжы мігранты сутыкаюцца з так званым выштурхоўваннем (ад англ. «pushback») – гвалтоўным выправаджэннем за дзяржаўную мяжу з боку афіцыйных уладаў, а таксама з адсутнасцю доступу да ежы, лекаў і сховішчаў, – каментуе экспертка «Human Constanta». – Улады гэтых краінаў адкрыта паведамляюць пра колькасць «выштурхоўванняў», але аддаюць перавагу двухсэнсоўным фармулёўкам, такім, напрыклад, як «паварот назад да лініі мяжы», «перадухіленне незаконнага перасячэння мяжы» або «разварот».
У дакладзе сцвярджаецца, што «выштурхоўванне» парушае міжнароднае заканадаўства і ёсць адною з асноўных рызыкаў для жыцця і здароўя мігрантаў.
Як гінулі людзі
«Шмат хто з пацярпелых і загінулых доўгі час быў у лесе – ва ўмовах голаду і пры нізкай тэмпературы. Некаторых з іх збівалі памежнікі. Пра гэта сведчаць паказанні саміх пацярпелых і іншых сведкаў тых падзеяў, – распавядаюць праваабаронцы. – Менавіта цяжкія ўмовы і доўгае перабыванне ў лесе становяцца асноўнымі прычынамі знясілення, пераахалоджвання, а таксама прычынай смяротнасці ў прымежных раёнах».
Паводле інфармацыі «Grupa Granica», за некалькі гадоў міграцыйнага крызісу было зарэгістравана як мінімум дзевяць выпадкаў, калі жанчыны гублялі цяжарнасць у прымежных лясах. У 2021 годзе польская грамадскасць даведалася пра жанчыну-мігрантку, якая ў выніку жорсткага «выштурхоўвання» з боку польскіх памежнікаў (была інфармацыя пра тое, што жанчыну перакінулі праз памежны плот), страціла дзіця. Паводле паведамленняў «Grupa Granica», як мінімум яшчэ адзін выпадак страты цяжарнасці мог быць наўпроставым наступствам «выштурхоўвання». Улады Беларусі таксама паведамілі пра выкідак пасля «выштурхоўвання» ў кастрычніку 2021 года.
Паводле экспертаў, шматлікія мігранты, якія не змаглі трапіць у краіны ЕЗ праз памежныя платы, спрабавалі перасекчы мяжу ўплаў. У выніку 11 целаў мігрантаў былі знойдзеныя ў памежных рэках: Дзісне (Літва), Свіслачы, Нараўцы і Бугу (Польшча). Паказальна, што толькі дзве смерці былі пацверджаныя як утапленне, астатнія афіцыйна названыя або апісаныя пракуратурай як «не паддаюцца вызначэнню».
Як паведамляюць праваабаронцы, велізарная складанасць у ідэнтыфікацыі пацярпелых і загінулых заключаецца ў тым, што афіцыйныя ўлады ў гэтым кірунку не пагаджаюцца практычна ні на якую супрацу. Інфармацыю аб пацярпелых не падавалі нават медустановы Беларусі, спасылаючыся пры гэтым на медычную таямніцу. Людзі проста не могуць даведацца, ці паступаў у медустановы іхны сваяк. У такой сітуацыі шмат якія неапазнаныя целы, імаверна, былі пахаваныя на тэрыторыі Беларусі, і семʼі загінулых могуць ніколі не атрымаць інфармацыі пра іх ці пра тое, дзе месцяцца іхныя магілы.

Таксама сталася вядома, што хуткая дапамога ў Польшчы не прыязджала на выклікі мігрантаў, у тым ліку таму, што пацярпелыя скідвалі геалакацыю чалавека, якому патрэбная дапамога, а не дакладны адрас.
«21 лютага 2023 года мы атрымалі інфармацыю пра зніклага ў Беларусі мігранта, як мяркуецца, загінулага грамадзяніна Шры-Ланкі, – паведамляюць у «Human Constanta». – З ягонай сямʼёй у Шры-Ланцы звязаліся праз беларускі нумар тэлефона, які, меркавана, належаў прадстаўніку Цэнтральнай бальніцы ў Паставах. Сямʼі паведамілі, што цела сына ў Беларусі. Нібыта яго ўдалося апазнаць, бо побач з целам мужчыны быў знойдзены пашпарт. Аднак усе наступныя спробы патэлефанаваць у бальніцу для атрымання падрабязнай інфармацыі не ўвянчаліся поспехам. Пацвердзіць асобу загінулага ўдалося пры дапамозе праваабаронцаў «Human Constanta». Пазней смерць мужчыны пацвердзілі і беларускія следчыя органы. Яны паведамілі, што цела сапраўды было знойдзенае непадалёк мяжы, але пры гэтым прычыну смерці сфармулявалі як «натуральную, без прыкметаў гвалту. Крымінальнай справы ў выніку не завялі».
Паводле звестак праваабаронцаў, ад саміх мігрантаў ім вядома яшчэ як мінімум пра шэсць выпадкаў гібелі ў рэках. Хоць адзначаюць, што ў двух выпадках паведамленне было незразумелым або з непераканаўчай фармулёўкай:
«Яны адвялі нас да вады і сапхнулі ў ваду. Мы страцілі аднаго з нас. Можа быць, ён памёр».
Гэтыя два выпадкі таксама тычацца «выштурхоўвання» ў абодвух напрамках: з Беларусі і з Польшчы. Людзі не бачылі, як танулі іхныя таварышы, але сцвярджаюць, што яны не выбраліся на другі бераг ракі пасля таго, як іх выштурхнулі.
Ëсць таксама звесткі пра пяць мігрантаў, якія загінулі ў аўтакатастрофах, пасля таго як ужо пасля пераходу мяжы іх пачалі пераследаваць паліцыя або памежнікі.
Улады не тое што не дапамагаюць, а перашкаджаюць
Паводле звестак экспертаў, падчас працы над дакладам арганізацыя «Human Constanta» сутыкнулася з сурʼёзнымі цяжкасцямі на тэрыторыі Беларусі і ў краінах-суседках (праўда, у рознай ступені):

«Інфармацыя, раскрытая ўладамі, аказалася абмежаванай і недастатковай для ідэнтыфікацыі загінулых без дадатковага расследавання. Адсутнічаюць якія-небудзь доказы таго, што ўлады праводзяць пошукавыя аперацыі па паведамленнях «Human Constanta» аб зніклых без вестак мігрант_ках у прымежных раёнах».
У перыяд з красавіка 2022 года да верасня 2023 года «Human Constanta» атрымала запыты прынамсі пра 54 зніклых без вестак мігрантаў. У кожным выпадку група аператыўна накіроўвала гэтую інфармацыю ДПК, адзінаму органу, здольнаму знайсці і выратаваць людзей у памежных раёнах. Аднак камітэт часцяком папросту не рэагаваў на запыты пра зніклых без вестак мігрантаў або не падаваў наступнай інфармацыі пра пошукавыя дзеянні, вынікі або стан знойдзеных асобаў. Апрача таго, гэтых людзей маглі затрымаць і ўтрымліваць у розных следчых ізалятарах па ўсёй Беларусі. Паводле аднаго з адказаў праваахоўных органаў, са жніўня 2021 года да чэрвеня 2023 года толькі ў СІЗА Гародні ўтрымлівалі 253 мігрантаў з розных краінаў.
Як паведамілі эксперты «Human Constanta», шматлікія запыты пра лёс загінулых і зніклых без вестак мігрантаў, накіраваныя ўладам Беларусі, абярнуліся рэпрэсіямі ў дачыненні «Human Constanta» і яе партнёра – дабрачыннай арганізацыі «Human on the Move» (абедзве арганізацыі былі юрыдычна зарэгістраванымі ў Беларусі). У выніку гэта прывяло да закрыцця ўладамі апошняй. Гэты факт не толькі адлюстроўвае пазіцыю ўладаў Беларусі ў дачыненні гуманітарнага крызісу як інструменту палітычнага ціску на краіны ЕЗ і прапаганды, але таксама падкрэслівае варожую палітычную абстаноўку ў Беларусі і рэпрэсіі ў дачыненні праваабаронцаў і актывіст_ак грамадзянскай супольнасці, упэўненыя праваабаронцы.
Надзея Вольная, «Белсат»